Другое пасяджэнне Беларуска-Узбекскага дзелавога савета
5 верасня 2023 г

Прадстаўнікі бізнесу Беларусі і Узбекістана абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, перспектывы пашырэння партнёрскіх сувязей і рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у ходзе другога пасяджэння Беларуска-Узбекскага дзелавога савета.

Мерапрыемства, арганізаванае Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Узбекістана ў рамках першага Беларуска-Узбекскага жаночага форуму, які гэтымі днямі праходзіць у Мінску і Мінскай вобласці, адбылося ў БелГПП. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі больш за 40 прадпрыемстваў і арганізацый дзвюх краін.

Другую сустрэчу ўдзельнікаў Беларуска-Узбекскага дзелавога савета адкрылі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў і намеснік старшыні Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана Жамшэд Уракаў. У сваіх выступленнях яны адзначылі, што адносіны Беларусі і Узбекістана маюць стратэгічны характар і паспяхова развіваюцца ў духу дружбы і партнёрства. Трывалыя сувязі наладжаны і на ўзроўні нацыянальных і рэгіянальных гандлёва-прамысловых палат: штогод праходзяць дзелавыя і выставачныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць развіццю дзелавых сувязей. А створаны па лініі ГПП Беларуска-Узбекскі дзелавы савет з'яўляецца эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання праблемных пытанняў і бар'ераў на шляху пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, садзейнічае павышэнню эфектыўнасці дзелавых сувязей паміж беларускімі і ўзбекскімі арганізацыямі.

Саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Камалідзін Хасанаў прэзентаваў магчымыя праекты гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва беларускіх кампаній з узбекскім бокам.

Увазе ўдзельнікаў былі таксама прадстаўлены біржавыя механізмы падтрымкі двухбаковых гандлёвых аперацый, прапанаваныя Беларускай універсальнай таварнай біржай, а таксама экспартныя магчымасці беларускіх і ўзбекскіх прадпрыемстваў.

Пасля завяршэння выступленняў і прэзентацый адбыліся В2В-перагаворы бізнесменаў дзвюх краін, якія абмеркавалі актуальныя пытанні і прапановы па развіццю партнёрства, рэалізацыю канкрэтных кааперацыйных праектаў у розных сферах.

Фота
Відэа