Штрыхавое кадзіраванне – гэта тэхналогія аўтаматычнай ідэнтыфікацыі і збору даных, заснаваная на прадстаўленні інфармацыі па пэўных правілах.
Тэхналогія штрыхавога кадзіравання заснавана на прымяненні кодаў сістэмы EAN (European Article Numbering). Код EAN – стандартны штрыхавы код для тавараў, паступаючых у рознічны гандаль.
Нумар тавару EAN-13 мае наступную структуру:
• першыя 3 лічбы - гэта прэфікс, або код нацыянальнай арганізацыі-члена GS1 (для GS1 Бел - 481);
• наступныя 6 лічбаў - гэта рэгістрацыйны нумар прадпрыемства ўнутры нацыянальнай арганізацыі;
• наступная група лічбаў - гэта парадкавы нумар прадукцыі ўнутры прадпрыемства;
• апошняя 13-я лічба - кантрольны лік. Ён вылічваецца з папярэдніх дванаццаці.
Існуе памылковае меркаванне, што па першых лічбах штрыхавога кода можна вызначыць краіну паходжання тавару. Гэта не так.
Штрыхавы код не можа служыць сведчаннем краіны паходжання тавару. Па прэфіксе можна вызначыць толькі, у якой Нацыянальнай арганізацыі зарэгістравана тое ці іншае прадпрыемства. Прадпрыемства мае права самастойна вызначыць, у Нацыянальную арганізацыю якой краіны яму трэба ўступаць, а таксама можа ўступіць у некалькі Нацыянальных арганізацый адначасова.
Сімволіка EAN сканіруецца ў рознічным гандлі ўсенакіраванымі сканерамі. Гэта азначае, што сімвал EAN мае фіксаваныя суадносіны паміж вышынёй сімвала і яго шырынёй. Калі змяняецца адзін паказчык, то другі павінен быць зменены ў адпаведнай прапорцыі. Зыходзячы з такіх дакладных суадносін, сімвалы EAN маюць намінальныя памеры вышыні і шырыні. Дапушчальныя змяненні памераў вызначаны ў дыяпазоне ад 80% да 200% ад намінальнага памеру сімвала. Велічыню змянення памераў сімвала часта называюць «каэфіцыентам павелічэння».
Роля лічбаў, што размешчаны пад штрыхавым кодам і называюцца «прадстаўленнем для візуальнага чытання», важная, паколькі калі сам штрыхавы код пашкоджаны або мае нізкую якасць і не можа быць счытаны сканерам, то менавіта гэтыя лічбы выкарыстоўваюцца для счытвання.
Існуе памылковае меркаванне, што штрыхавы код на ўпакоўку можа наносіць толькі вытворца тавару. Гэта не так! У адпаведнасці з правіламі GS1 прыярытэтнае права штрыхавога кадзіравання прадукцыі належыць уладальніку таварнага знака (брэнда) або спецыфікацыі на вытворчасць тавару незалежна ад таго, дзе і кім ён выраблены. Калі па нейкіх прычынах уладальнік гандлёвай маркі штрыхавы код не нанёс, то гэта можа зрабіць вытворца. Калі і вытворца тавару не нанёс штрыхавы код, то гэта робіць пастаўшчык (імпарцёр).